АКАДЭ́МІЯ КІРАВА́ННЯ пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзяржаўная ўстанова па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Засн. ў 1991 у Мінску пры СМ Беларусі, з 1994 — пры Кабінеце Міністраў, з 1995 — пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 1994/95 навуч. г. на базе вышэйшай адукацыі аддзяленні: павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў органаў дзярж. кіравання і мясц. Саветаў, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў галін нар. гаспадаркі, юрыдычнае; на базе сярэдняй, сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі ф-т падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне эканомікі, кіравання, міжнар. эканам. адносін, знешнеэканам. дзейнасці і права. У складзе Акадэміі працуюць н.-д. цэнтры па праблемах эканомікі, удасканалення кіравання, дзярж. кадравай палітыкі, службы ў дзярж. апараце, радыяцыйнай бяспекі, энергетыкі і радыеэкалагічнай адукацыі, а таксама Міжнар. цэнтр дзелавога супрацоўніцтва і падрыхтоўкі менеджэраў. Навучанне дзённае, вочна-завочнае, завочнае; платнае. З 1992 аспірантура і савет па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Дактарантура з 1993.

т. 1, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)